Іван Шпілеўскі

Іван Фёдаравіч Шпілеўскі нарадзіўся 18 жніўня 1891 года у Койданаве ў сялянскай сям’і. Восенню 1912 года рослага і фізічна ўзмужнелага Івана Шпілеўскага прывезлі ў Пецярбург, у марскія казармы на Крукавым канале. Неўзабаве адправілі ў крэпасць Кранштат, дзе залічылі ў першы Балтыйскі флоцкі экіпаж. У новенькай матроскай форме юнак з Койданава (цяпер Дзяржынск) змяніўся, папрыгажэў.
Праз тры месцы Івана залічылі ў клас тэлеграфістаў вучэбна-міннага атрада. Усё тут было распісана па мінутах, строга і нават дзіка для былога селяніна. Івану цяжка было змірыцца з муштрой і прыдзіркай чыноў. А супраць здзекаў наогул пратэставала яго свабодалюбівая натура. Іван заўважыў, што піцерскія хлопцы хутчэй асвойвалі тэхнічнае ўсталяванне апарата. Яму, распілоўшчыку лесазавода, яшчэ трэба было праявіць свае здольнасці, падцягнуцца да ўзроўню гарадскіх рабочых. І гэта ён, здаецца, рабіў паспяхова.

Шпілеўскі сумаваў па доме, дзе засталіся маці і бацька, два браты і дзве сястры. З удзячнасцю успамінаў бацькоў, якія дапамагалі яму скончыць 4-класную Койданаўскую гарадскую школу. Як бы ён абышоўся тут без ведаў па арыфметыцы, літаратуры, як бы ён напісаў дамой пісьмо!
Каля чатырох месяцаў працягвалася вучоба. А потым у вугальных баржах павезлі на агляд і прысягу ў Царскае Сяло. Цырымонія прысягі была сумнай, паказальныя маршыроўкі стамляльнымі. Позна вечарам вярнуліся ў Кранштат. “Мы спадзяваліся, успамінаў Шпілеўскі, - што пасля агляду і прысягі наша казарменнае жыццё стане лягчэйшым. Аднак выйшла наадварот. Становішча наша пагоршылася яшчэ больш. У выніку адзін з маладых матросаў не вынес цяжкага рэжыму, выкінуўся з акна чацвёртага паверха ў двор. Другі звар’яцеў, а многія трапілі ў дысцыплінарны батальён”.
(Карніловіч,Э.А. Смяльчак захапіўся краязнаўствам // Карніловіч Э.А. Імёны з небыцця.- Мінск:Беларусь, 2003.- С.159.)
Іван Шпілеўскі верыў у свае сілы і вытрымаў. У хуткім часе яго накіравалі на вучэбнае судна “Николаев”, на якім усю летнюю кампанію прастаяў каля Выбарга. Займаўся на караблі і на беразе, драіў палубу. Вярнуўшыся ў Кранштат, займаўся ў вучэбных класах. Тут у хлопца паявілася цікавасць да газет і кніг. Пасля здачы экзамену на радыётэлеграфіста Івана накіравалі на лінейны карабель “Император Павел І”, які базіраваўся ў Гельсінгфорсе (цяпер Хельсінкі). Каманда сустрэла Шпілеўскага па- сяброўску. На лінкоры знайшліся землякі: Антон Макарэвіч з Мінскага павета, Георгій Чайкоў з Віцебшчыны, Сямён Зіноўчык з палескай вёскі Рубель і шмат іншых. Разам лягчэй было пераносіць службовыя нягоды.
1 жніўня 1914 года, пасля малебна на палубе, усім аб’явілі, што Германія абвясціла вайну Расіі. Раніцай “Император Павел І ” выйшаў у адкрытае мора перахапіць немцаў. Сувязь з берагам адсутнічала. Не прыходзіла ні пісем, ні газет. Іван непакоіўся аб родных, якія жылі ў Мінскай губерні і адкуль валам павалілі бежанцы.
Каля трох год лінкор баразніў воды Балтыкі. І ўсе гэтыя гады Іван задыхаўся ў сталёвай скрынцы, выконваючы адны і тыя ж абавязкі. У яго выпрацоўваўся моцны характар, і яму прыходзілася стрымліваць унутраную незадаволенасць, якая ўзмацнялася з кожным днём.
У пачатку 1916 года Шпілеўскі прыбыў у Петраград, дзе фарміраваўся спецбатальён Балтфлоту. У лютым ён быў ужо ў Рызе. Праз некалькі дзён яго кінулі на перадавыя пазіцыі ў раёне Сарканайса. Армейскае камандаванне тэрмінова пагнала балтыйцаў на кулямётную горку, у бой. Але матроскія бунтары адмовіліся ваяваць. Маракоў разаружылі і адправілі ў Петраград. Івана вярнулі на лінкольн “Император Павел І ”. Перапіска з роднымі ў Койданава парушылася, у некаторых пісьмах брата былі замазаны цэлыя радкі.
Пасля лютаўскай рэвалюцыі лінкор“Император Павел І ” быў перайменаваны ў “Рэспубліку”. Часовы ўрад адносіўся да яго з асобым недаверам, лічыў яго найбольш непакорным і рэвалюцыйным на Балтфлоце. Летуценны і бескарыслівы, Іван цяжка перажываў ганенне на маракоў лінкора, якіх у ліпеньскім загадзе Керанскаганазвалі “здраднікамі радзімы”. Пазней ён успамінаў: “Мы цвёрда стаялі на сваім: ліквідаваць Часовы ўрад і перадаць уладу Саветам. Ніхто не баяўся пагроз, не страшыўся ліпеньскага паражэння ў Петраградзе. Мы ўсе цвёрда верылі, што калі не ў ліпені, дык ў верасні, але ўлада пяройдзе ў рукі рабочых і сялян”.
(Карніловіч,Э.А. Смяльчак захапіўся краязнаўствам // Карніловіч Э.А. Імёны з небыцця.- Мінск:Беларусь, 2003.- С.162.)
Рэвалюцыя – гэта не толькі імклівы парыў разбурэння старой ўлады, гэта яшчэ прадуманая гаспадарча-стратэгічная дзейнасць, уменне думаць пра дзень заўтрашні. Зрыў Брэсцкіх перагавораў аб міры паставіў пад пагрозу баявыя караблі, што знаходзіліся ў Гельсінгфорсе. Савет камісараў флоту, у які ў ваходзіў Іван Шпілеўскі, распрацаваў смелы план перабазіравання іх у Крандштат і Петраград. З болем ў сэрцы Шпілеўскі ўспамінаў: “Туманным ранкам 11 красавіка 1918 года мы кінулі апошні позірк на дарагія нам магілы ахвяр рэвалюцыі ў Брунспарку.”  Усё, што магло рухацца самастойна ці трымацца на буксіры, пайшло з Гельсінгфорса. Усё гэта уражвала: 45 эсмінцаў, 3 мінаносцы, 10 падводных лодак, 5 мінных загараджальнікаў, 6 тральшчыкаў, 11 вартавых караблёў, 81 дапаможнае судна. Калі 19 красавіка паказаліся фарты Крандштата, твар Івана свяціўся радасцю. Армада караблёў была выратавана, і яна яшчэ паслужыла сваёй Айчыне.
Івана Шпілеўскага, чалавека бездакорнага, грамадскага абавязку, надзялялі новымі пасадамі і кідалі з адной кампаніі ў другую. Восенню 1919 года, калі пачаўся паход генерада Юдзеніча на Петраград, Іван Шпілеўскі быў прызначаны камісарам Крандштацкага раёна  службы сувязі. Шпілеўскі з чырвонаармейскімі часцямі наладжваў сувязь, хадзіў у разведку, адбіваўся ад наступаючых белагвардзейцаў. Пад градам куль Шпілеўскі “ліхім налётам” займаў вёску Кандыкюль.
У сакавіку 1920 года Шпілеўскі выехаў у Ніжні Ноўгарад, дзе быў створаны абласны палітадзел воднага транспарту. Івана Шпілеўскага прызначылі камісарам эксплуатацыйнага Сызранскага ўчастка. Ён наладзіў рамонт баржаў, уцягнуў рабочых у карысную працу, палепшыў забеспячэнне гараджан хлебам.
Тут, на берагах Волгі, пачуў пра кранштацкі мяцеж, вельмі перажываў, што такое адбылося ў “яго” крэпасці. А хутка і яго паклікалі ў Кранштат. Яго прызначылі камісарам цэнтральнай службы сувязі штаба Марскіх сіл Рэспублікі ў Петраградзе. У красавіку 1922 года Іван Шпілеўскі стаў памочнікам начальніка службы сувязі Петраградскага раёна Балтфлота. А ў верасні 1922 года ён зволіўся ў бестэрміновы водпуск.
Пацягнула на радзіму. Шпілеўскі з маладой жонкай Надзеяй Пятроўнай стаў збірацца ў дарогу, больш за ўсё пакаваў чамаданы з кнігамі, часопісамі, нават выразкамі з газет.
Адслужыў марак і праз дзесяць год вяртаўся ў Койданава. Бацька і маці, браты і сёстры з радасцю сустрэлі дарагіх гасцей. Праз нейкі час маладажоны набылі сабе дом у мястэчку і сталі жыць самастойна. Блізкія сваякі з Дзяржынска ўспамінаюць: “Іван Фёдаравіч быў не з такіх, хто мог адседжвацца дома. Яго заўсёды цягнула да людзей, да грамадскай працы, і хутка яго, энергічнага і дабразычлівага, сталі ведаць ва ўсёй акрузе. Спачатку яго выбралі старшынёй валвыканкома, потым – старшынёй Койданаўскага райвыканкома. Ён дапамагаў умацоўваць Савецкую уладу ў вёсках, будаваў электрастанцыю, наладжваў работу транспарту, сувязі, школ, сельскіх бібліятэк. У яго хаце было поўна кніг, газет.”
(Карніловіч,Э.А. Смяльчак захапіўся краязнаўствам // Карніловіч Э.А. Імёны з небыцця.- Мінск:Беларусь, 2003.- С.167.)
Іван Фёдаравіч быў захоплены ведамі і вельмі хацеў, каб усе вучыліся. Магчыма, таму яго пацягнула ў Мінск, у Інстытут беларускай культуры. Старшыня інстытута Усевалад Ігнатоўскі зацікавіўся баявой біяграфіяй Шпілеўскага, яго артыкуламі –ўспамінамі, надрукаванымі ў 1922 годзе ў часопісе “Красный флот”. Іван Фёдаравіч з удзячнасцю згадзіўся на пасаду супрацоўніка Інстытута беларускай культуры, секцыю краязнаўства, з якой былі звязаны З.Бядуля, З.Жылуновіч, У.Ігнатоўскі, Я.Колас і шмат іншых.
Як былога камісара флота Івана Шпілеўскага выбралі членам камуністычнай фракцыі Інбелкульта.

У Беларусі ў гэты час шырока разгарнулася краязнаўчая работа і ў Івана Фёдаравіча абудзіўся вялікі інтарэс да сваіх мясцін. Былы матрос пачаў вывучэнне зямлі бацькоў – роднай Койданаўшчыны. Адшукваў розныя дакументы, апісанні, гутарыў з землякамі, апрацоўваў.
І ў пачатку 1929 года, калі ўжо была створана Акадэмія навук Беларусі, І.Ф.Шпілеўскі і Л.А.Бабровіч ў часопісе “Наш край” надрукавалі нарыс “Мястэчка Койданава”. У тым жа годзе Іван Фёдаравіч выдаў ў Ленінградзе сваю кнігу ў спамінаў “Братва” – аб рэвалюцыйных падзеях на Балтыцы, грамадзянскай вайне на Украіне, аб сваіх легендарных сябрах, якія амаль усе ўвайшлі ў энцыклапедычныя даведнікі.

Публікацыя  нарыса “Мястэчка Койданава” у часопісе “Наш край”. 1929 г.

Летам Шпілеўскі запрасіў да сябе на радзіму свайго знаёмага, выдатнага пісьменніка Змітрака Бядулю. Пісьменнік-краязнаўца аб гэтым пісаў: “Быў гарачы, сонечны дзень. Цэнтр мястэчка – базарная плошча, было поўна сялян. Мы з таварышам Шпілеўскім, гісторыкам Койданава, бегла агледзелі мястэчка, прабеглі ва ўсе канцы: бачылі і старыя могілкі, і касцёл, і феадальны замак, і Народны дом, і рабочы клуб, і помнік загінуўшым за Кастрычнік, і маленькую рэчку Няцеча, якая ледзь прыкметным вузлом перасякае мястэчка.”
(Бядуля,З. З краязнаўчага блакнота пісьменніка // Наш край.- 1930.- №1.- С.37.)
Краязнаўства, ды і пасада кіраўніка справамі Акадэміі навук зблізілі Шпілеўскага з многімі беларускімі пісьменнікамі і гісторыкамі. У 1932 годзе ён разам з Бабровічам выдаў “Гістарычны нарыс Дзяржыншчыны”.

У 30-я гады Іван Фёдаравіч напісаў і выпусціў два гістарычныя нарысы, прысвечаныя развіццю Акадэміі навук БССР: “Беларуская Акадэмія навук на парозе другой пяцігодкі”, “Беларуская Акадэмія навук да ХV-годдзя БССР”. Гэта быў час рэпрэсіўнай хвалі. Тагачасны супрацоўнік акадэміі С.І.Палей прыгадвае, што яны жылі як на вулкане. Адбываліся масавыя рэпрэсіі, і ніхто не ведаў, за што і чаму: “Калі пачалі садзіць, звольніўся кіраўнік справамі Шпілеўскі.”  Былы камісар тонка адчуваў палітычныя перамены і небяспеку “знутры”, таму своечасова сышоў з навуковай дыстанцыі. Настрой у яго быў змрочны і несуцешны.
Іван Фёдаравіч Шпілеўскі загінуў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, у час налёту фашысцкага самалёта на санітарны поезд, у якім ён эквакуіраваўся з хворымі Мінскага ваеннага шпіталя.

ТВОРЫ

Шпілеўскі,І.Т. Мястэчка Койданава : гістарычныя весткі /Ів.Т. Шпілеўскі, Л.А.Бабровіч //Наш край.- 1929.- №2.- С. 24-35.
Шпілеўскі,І.Т. Мястэчка Койданава : гістарычныя весткі з 1917г. /Ів.Т. Шпілеўскі, Л.А.Бабровіч //Наш край.- 1929.- №3.- С. 36-46.
Шпілеўскі,І.Т. Сучасны стан м. Койданава і раёну /Ів.Т. Шпілеўскі, Л.А.Бабровіч //Наш край.- 1929.- №4.- С. 32-49.
Шпілеўскі,І.Т. Сінхроністычная табліца падзей паўстаньня на Беларусі, Літве і Польшчы ў 1830-1831г.г. /Ів.Т. Шпілеўскі, Л.А.Бабровіч //Наш край.- 1929.- №10.- С. 18-64.
Шпилевский,И.Ф. Братва (балтийские матросы в гражданской войне): воспоминания.- Ленинград, 1929.
Шпілеўскі, І. Ф. Братва : запіскі матроса / Ів. Шпілеўскі ; вокладка М. Гусева.- Менск, 1930.
Шпілеўскі, І.Ф. Гістарычны нарыс Дзяржыншчыны : Койданаўшчыны / І.Ф.Шпілеўскі, Л.А.Бабровіч ; Бел. акад. навук, Ін-т гісторыі.- Менск, 1932.
Шпілеўскі, І. Ф. Беларуская Акадэмія навук на парозе другой пяцігодкі : гістарычны нарыс  / Ів.Ф.Шпілеўскі, Л.А.Бабровіч ; Адказ. рэд. В.Карніенка ; Бел. акад. навук, Ін-т гісторыі імя М.М.Пакроўскага.- Менск,1933.
Шпілеўскі, І. Ф. Беларуская Акадэмiя навук да XV-годдзя БССР : гістарычны  нарыс / Ів.Ф.Шпілеўскі ; Беларус. Акад. навук, Масавы сектар.- Менск, 1934

ЛІТАРАТУРА АБ ЖЫЦЦІ І ТВОРЧАСЦІ

Валахановіч,А.І. Шпілеўскі Іван Фёдаравіч /А.І.Валахановіч, Э.А.Карніловіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск: БЕЛТА, 2004.- С. 128.
Карніловіч,Э.А. Смяльчак захапіўся краязнаўствам // Карніловіч Э.А. Імёны з небыцця.- Мінск, Беларусь, 2003.- С. 158-169.