На главную
ББК 78.
ДЗ 43

Паэт па прызванню. Іван Калеснік



9 кастрычніка спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння Калесніка Івана Іванавіча, беларускага паэта, ураджэнца

в. Грычына.


0


Іван Калеснік. Яго часта называлі Іван Іванавіч. I маладзейшыя, і нават аднагодкі падкрэслівалі гэтым павагу да яго чуласці і спагадлівасці, што складалі асноўную рысу яго асобы, яго характару.

Беларускі паэт Іван Іванавіч Калеснік нарадзіўся 9 кастрычніка 1932 г. ў вёсцы Грычына Дзяржынскага раёна ў сялянскай сям'і.

Вось што ён успамінае пра дзіцячыя гады ў сваёй аўтабіяграфіі: "Вясной кожную раніцу я прасіў маці пабудзіць мяне раней, каб сустрэць бацьку, калі ён з брыгадай выязджае ў поле. Бацька, параўняўшыся, спыняўся, саджаў і мяне на другога каня. Падвозіў ён недалёка за вёску. Але дамоў я вяртаўся шчаслівы. Пакуль ісці ў школу, я добра ездзіў верхам…

У школу я пахадзіў адну зіму. У дні канікул чэрвеньскім днём на гасцінцы мяне з ватагай аднагодкаў ледзь не падмялі крыжацкія танкі. Вёска сціхла. Толькі ў ляску пад Фаніпалем чуліся стрэлы ды ў небе раўлі самалёты. Пачалася вайна… Мы сталі партызанскай сям’ёй. А гэта азначала – кожны дзень небяспека, бо наша вёска Грычына Дзяржынскага раёна была між варожых гарнізонаў. За тры гады акупацыі маё маленства зведала невыказныя жахі і цяжкасці. Яно мерзла і галадала, не раз глядзела ў твар смерці. І не пісаліся б гэтыя радкі, каб не давялося прычакаць чэрвеньскага дня толькі ўжо сорак чацвёртага года...

Восенню я пайшоў у другі клас Грычынскай сямігодкі. Школа размяшчалася ў сялянскіх хатах ажно ў трох вёсках. Нашу дзесяцігодку спалілі ў вайну. Пасля трохгадовага "прагулу" прага да ведаў была вялікая. І хоць не мелі падручнікаў і паперы, хоць у хаце вечарамі курэла газоўка, я шмат чытаў. Спрабаваў пісаць вершы. Аднойчы паказаў некалькі з іх выкладчыку гісторыі Канстанціну Васільевічу Ключынскаму. Ён вельмі чула аднёсся да мяне, пакрытыкаваў, але і падтрымаў, падарыў творы Лермантава і Багдановіча."

Пасля Грычынскай сямігодкі была вучоба ў Мінскім педагагічным вучылішчы імя Н.К. Крупскай. Гэта быў цяжкі час пачатку пяцідзесятых гадоў, які ляпіў і каваў характар будучага паэта. Іван прагна вучыўся, многа чытаў, пісаў вершы.

"А досвіткам з аднакурснікам Сашкам Андрыянчыкам, каб мець капейку перад стыпендыяў, ішлі на хлебазавод разгружаць вагоны з брыкетам ці вугалем. Грошай атрымлівалі няшмат, але кожны раз прыносілі ў інтэрнат з дзесятак батонаў. У гады вучобы хадзілі мы ў заробкі і да мінчан, і з пілой."

Стала лягчэй крыху, калі пачаў друкавацца (дарэчы, верш Івана Калесніка "Сад" упершыню быў надрукаваны ў газеце "Піянер Беларусі" 1 мая 1951 года). Я пазнаёміўся з добрымі паэтамі і цудоўнымі людзьмі - Анатолем Вялюгіным, Сяргеем Дзяргаем, Уладзімірам Корбанам і Артурам Вольскім. Першым тром я абавязаны за шчырыя словы падтрымкі, апошняму – за сяброўства, якое мела ўплыў на мой жыццёвы кірунак..."

Настаўнікам працаваць Івану Калесніку не прыйшлося. Пасля заканчэння педвучылішча Артур Вольскі прапанаваў яму супрацоўніцтва ў газеце "Чырвоная змена". Спачатку Іван Іванавіч даваў адказы на рэдакцыйную пошту, быў літкансультантам. Сам пісаў вельмі шмат, часта друкаваўся.

Паэтычная справа з цягам часу пачала цесна спалучацца з журналісцкай. Іван Калеснік пісаў замалёўкі, нарысы, фельетоны, вершаваныя падтэкстоўкі. Не пакідаў пісаць і вершы. Дзякуючы працы ў газеце, шмат падарожнічаў – "убачыў усю Беларусь: старажытны Полацк і Тураў, гарады нашых дзён – Салігорск і Нафтабуд, чароўныя краявіды Нарачы і Браслаўшчыны. А колькі незабыўных сустрэч з людзьмі, колькі новых сяброў набыў я ў журналісцкіх вандроўках!"

Працу ў “Чырвонай змене” Іван Іванавіч спалучаў з вучобай на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1958 годзе. А ў 1959 годзе выйшаў з друку першы зборнік яго вершаў "Белыя каштаны". Потым былі яшчэ зборнікі "Пяць сузор’яў", "Калі разам мы", "Інтэрнат", "Юнацтва", "Падарожнае".

У 1962 годзе Іван Калеснік стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР.


0

"Паэтычны май Запарожжа", 1972 год.


Ён па-сапраўднаму дбаў пра літаратурную моладзь. Можна пералічыць усе імёны, каго на першай сцяжыне, першым раздарожжы заўважыў Іван Калеснік, каму дапамог убачыць надрукаванымі свае няўпэўненыя радкі. Гэта Генадзь Бураўкін і Юрась Свірка, Васіль Зуёнак і Уладзімір Паўлаў, Яўген Крупенька і Васіль Макарэвіч.

Пасля "Чырвонкі" Іван Іванавіч шмат энергіі і вопыту, душэўнай дабрыні і шчодрай шчырасці аддаў маладзейшым і сталейшым паэтам на пасадзе рэдактара аддзела паэзіі выдавецтва "Мастацкая літаратура".

Слова дружба для яго было святым і азначала ўзаемную павагу, якая мацуецца штодзённай працай. Гэтае слова і кіравала творчыя планы паэта, калі ён плённа перакладаў сваіх паплечнікаў па паэтычным цэху, класікаў Расіі, Украіны, Прыбалтыкі.

З імем Івана Калесніка цесна звязана паэзія 50-60-х гадоў. Асновай яго паэтычнай творчасці была бязмежная адданасць роднай зямлі, улюбёнасць у кожны чысты гук роднага слова.

Іван Калеснік быў паэтам у штодзённым жыцці, ён быў рамантыкам, акрыленым, захопленым, які "умываўся з лісцяў ліўнем рос", бо верыў – "не аслабнуць у песні крылы, калі ёсць у яе сябры".

А сябры былі паўсюль, бо душой гарнуўся паэт да людзей і яны ўзаемна адказвалі любоўю і павагай.


0

Свята "Зоры над Пінай", 1973 год.


Паэтам ён быў па прызванню і па складу душы. Адкрыта ішоў насустрач аудыторыі, чытаў заўсёды крыху спяшаючыся, за паспешлівасцю хаваў хваляванне і разгубленасць.


0

На пятым з'ездзе пісьменнікаў Беларусі, 1977 год.


Іван Калеснік меў такую асаблівасць характару, што ўсё незвычайным бачылася яму – і цесная раённая гасцініца, і гразкія дарогі, і мяккія сцяжынкі, і пасма сівога туману над лугам:


Дзе знойдзеш гэтакі спачын?

Вятры даўно не гойсаюць.

Брыдуць з някошаных лагчын

Дзяды —

Туманы босыя.


Іван Калеснік па-асабліваму выказваў у сваіх вершах захапленне і замілаванне красой свайго краю. Паэт любіў жыццё прагна і ўзнёсла.

Да апошніх дзён ён заставаўся ўзнёслым, бескарыслівым, незайздрослівым, добразычлівым у жыцці і ў паэзіі. Кожную вольную хвіліну ехаў у родны кут, нібы адчуваючы, што карацее яго шлях да вытокаў. Вельмі клапатліва ён ставіўся да маці. I тады прызнаваўся як сын:


Я не люблю бальніц.

Аптэкі,

Каму здароўя вы далі?

А ўсё хаджу,

Шукаю лекі,

Каб трохі маці памаглі.


I падчас вучобы на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве прызнаваўся: "Сумую па сіняй хустцы / Роднай маці/У родным полі".

Як гэта не горка гучыць, але маці паэта давялося перажыць сына... Памёр Іван Калеснік на пачатку лета 1979 года, 10 чэрвеня.

Жорсткая патрабавальнасць да ўласнага радка не далі магчымасці на ўсю прыродную сілу разгарнуцца цікаваму таленту паэта. Але створанае ім будзе ўзрушаць яшчэ не адно пакаленне чытачоў сваёй непасрэднасцю і неазмрочанай верай у чыстае і святое мастацтва, імя якому Паэзія. Нібы пра сябе пісаў Іван Калеснік:


Толькі той,

Хто першым вёсны будзіць,

Доўга будзе помніцца ў жыцці.



Падрыхтавана супрацоўнікамі аддзела бібліятэчнага маркетынга ДУ "Дзяржынская РЦБС".



Яндекс.Метрика