На главную
ББК 78.
ДЗ 43

Алесь Салавей:

"А ў вершах быў я шчыры ад душы..."



Алесь Салавей (сапраўднае прозвішча Альфрэд Радзюк) адносіцца да тых творцаў, якія пранікнённа апявалі любоў да роднай зямлі. Воляй лёсу ўсё сваё нядоўгае жыццё ён правёў далёка ад Беларусі, але жыў з думкай аб ёй, не забываў родную мову і культуру. Паэт-земляк увайшоў у гісторыю нашай літаратуры, прысвяціўшы свае шчымліва кранальныя вершы Бацькаўшчыне.


0


Нарадзіўся Алесь Салавей 1 мая 1922 года у вёсцы Крысава.


0


Паэтычны дэбют адбыўся ў 1937 г. У маі яго верш "Любім сваю краіну" надрукавала газета "Піянер Беларусі", у чэрвені – раённая газета "Ударнік Дзяржыншчыны" прадставіла юнага аўтара вершам "На сенажаці". Сваёй малой радзіме малады паэт прысвяціў і такія вершы, як "Вуса", "Радзіма":


Добрай раніцы, гушчары,

хмызнякі лясоў дрымотных,

луг і ты, Вуса-рака!

Добры дзень, палёў абшары,

добры дзень, браты і сёстры,

вёска Крысава мая!

0


Алесь Салавей – аўтар зборнікаў вершаў "Мае песні" (1944 г.), "Сіла гневу" (1948 г.) , а таксама аўтар "Вянка санетаў".


0


Найбольш вядомыя яго паэмы "На хуткіх крылах вольнага Пегаса" (1943), "Звіняць званы Святой Сафіі" (1946), "Домік у Менску" (1944—1945),"Сын" (1947).

Так здарылася, што большую палову свайго жыцця Алесь Салавей правёў у Аўстраліі.


0


У вершах, напісаных на далёкай чужыне – боль паэта па страчанай роднай Беларусі. Душой і думкамі ён заўсёды быў у роднай старонцы:


Цяжка тут без цябе на чужыне,

о, Матуля, старонка мая!

Як дзіця, я цябе не пакіну,

на цябе не забудуся я.

Пэўна не спявалася беларускаму салаўю, калі знікла надзея вярнуцца на радзіму.


0


Не стала паэта 22 студзеня 1978 года, памёр ад вострага інфаркту ў час купання.


0


Пахаваны ў Мельбурне, на Беларускіх могілках. У Беларусь паэт вярнуўся творамі, якія ўбачылі свет толькі ў 1982 г. ў пасмяротным выданні "Нятускная краса":


Багатая Крыўі матуля-зямля

мяне, чым змагла, надарыла:

дала мне і голас і ўзлёт салаўя,

дала мне Пегасавы крылы.

У 2010 гаду пабачыла свет кніга "Алесь Салавей". На яе старонках надрукаваны вершы, паэмы, проза, драматургічныя творы, вершы для дзяцей Алеся Салаўя.


0


Кніга нашага земляка ёсць у бібліятэках ГУ "Дзяржынская РЦБС" і кожны жадаючы можа пазнаёміцца з творчасцю таленавітага паэта.


Матэрыял падрыхтавала Жанна Фядура,
метадыст 1 кат. аддзела бібліятэчнага маркетынга.




Яндекс.Метрика