На главную
ББК 78.
ДЗ 43

Помнік партызанскай мужнасці



0


Недалёка ад вёскі Александрова, што ў Дабрынёўскім сельскім Савеце, знаходзіцца Доўгі Востраў – участак сухой зямлі сярод непраходных балот, парослы густым кустоўем і высокімі соснамі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны тут дыслацыраваліся партызанскія атрады і групы. Вясной 1942 года Доўгі востраў стаў базай партызанскага атрада пад камандаваннем капітана Мікалая Міхайлавіча Нікіціна.


Менавіта адсюль народныя мсціўцы ішлі на баявыя заданні, арганізоўвалі дыверсіі супраць акупантаў, знішчалі фашыстаў і іх паслугачоў, вялі агітацыйную работу сярод насельніцтва Дзяржынскага і Уздзенскага раёнаў.

Ні днём, ні ноччу партызаны не давалі спакою фашыстам. Ворагі вырашылі акружыць і знішчыць партызанскі лагер. Супраць партызан была арганізавана карная экспедыцыя. Падпольшчыкі Мінска, з якімі трымаў сувязь партызанскі атрад Нікіціна, папярэдзілі партызан і дапамаглі арганізаваць дастаўку ў лагер зброі і боепрыпасаў.

На світанні 14 чэрвеня 1942 года гітлераўцы кінулі супраць "нікіцінцаў" пераўзыходзячыя сілы карнікаў: падраздзяленні 603-га ахоўнага палка і 24 –ы паліцэйскі батальён, якія акружылі Доўгі Востраў і, адкрыўшы шквалісты мінамётна-кулямётны агонь, пры падтрымцы 9 бронемашын і 6 танкаў пачалі наступленне.

Першая атака была адбіта. За ёй – другая, трэцяя, чацвёртая... Карнікі, тонучы па пояс у балоце, рваліся на Доўгі Востраў.

Абарону Доўгага Вострава ўзначальвалі камісар атрада Пётр Знак (Мураўёў) і капітан Піліп Серабракоў.

Александроўскі бой увайшоў у гісторыю партызанскага руху на Беларусі як адзін з першых буйных бітваў партызанскіх злучэнняў супраць рэгулярных гітлераўскіх воінскіх частак.

Тады, 75 гадоў назад, народныя мсціўцы ( а іх было каля 120 чалавек) за 10 гадзін інтэнсіўнага і бесперапыннага бою вытрымалі 22 атакі ворага, а затым, дзякуючы ўмеламу манёўру, вышлі з акружэння. Калі карнікі ўварваліся на Доўгі Востраў, нікога з партызан там ужо не было.

У гэтым баі загінула 9 партызан-нікіцінцаў. Вечным помнікам іх мужнасці стаў абеліск на брацкай магіле.


0


Пасля Александроўскага бою партызанскі атрад Нікіціна здзейсніў баявы рэйд па тыле праціўніка, завязаўшы кароткі бой з немцамі.

У справаздачы аб аперацыі "Александрова" фашысты пісалі: "После жестокой борьбы лагерь был взят. Противник силами до 200 чел. смог прорвать наше окружение... Собственные потери значительные".

Не дабіўшыся поспеху на Доўгім Востраве, 22 чэрвеня 1942 года гітлераўцы арганізавалі карную экспедыцыю супраць мірнага насельніцтва в. Александрова. Яны спалілі вёску, расстралялі 20 мужчын, якіх ім удалося тут схапіць.

Памяці няма забыцця... У 1972 годзе камсамольцамі АН БССР адноўлены партызанскі лагер М.М. Ніціціна такім, якім ён быў у чэрвені 1942 года. Камсамольцы пабудавалі штабную і шпітальную зямлянкі, склад боепрыпасаў, шалашы, выкапалі калодзеж, паглыбілі траншэі, каля 100 стралковых ячэек і кулямётных гнёзд.

18 чэрвеня 1972 года на Доўгі Востраў з’ехаліся былыя партызаны-нікіцінцы з 49 гарадоў Савецкага Саюза. У гонар 30-годдзя Александроўскага бою тут быў адкрыты мемарыяльна-ландшафтны помнік партызанскай доблесці і мужнасці.

Дарэчы, сёлета спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння легендарнага партызанскага камандзіра Мікалая Міхайлавіча Нікіціна.


0


Мікалай Міхайлавіч Нікіцін (Берл Мендзялеевіч Штэйнберг) нарадзіўся ў снежні 1907 года у мястэчку Смаргонь у беднай яўрэйскай сям’і. Заробкаў бацькі хапала толькі на паўгалоднае існаванне жонкі і васьмярых дзяцей. У пачатку 1918 года, ратуючыся ад пагромаў, сям’я выехала ў Расію. Жылі ў г. Самара. У хуткім часе бацька памёр, і Берл стаў бадзяжнічаць. Калі яму было 14 гадоў, трапіў у адзін з маскоўскіх дзетдомаў. У падлетка раптам выявіліся музычныя здольнасці – ён іграў на ўсіх музычных інструментах, якія толькі траплялі яму ў рукі. Чатыры гады праслужыў у музкамандзе 37-га кавалерыйскага палка.

Вярнуўся ў Мінск, працаваў кавалём і па камсамольскай пуцёўцы паступіў у Арлоўскае бронетанкавае вучылішча, якое скончыў у 1932 годзе. Пачалося тыповае жыццё камандзіра Чырвонай Арміі, звязанае з вандроўкамі па гарнізонах...

Вайну сустрэў амаль на самай граніцы, паблізу Беластока. А ўжо 23 верасня 1941 года капітан Берл Штэйнберг быў кантужаны і трапіў у палон, адкуль збег пра дзесяць дзён. Амаль чатыры месяцы ішоў ён да Мінска, дзе ўстанавіў сувязь з падпольшчыкамі, атрымаў дакументы на імя Мікалая Міхайлавіча Нікіціна і заданне – ствараць партызанскія атрады ў Уздзенскім раёне.

У пачатку мая 1942 года М.М. Нікіцін аб’яднаў асобныя партызанскія групы ў партызанскі атрад, які ў хуткім часе разгарнуўся ў брыгаду, адну з самых баявых партызанскіх фарміраванняў таго часу.

Брыгада Н.М. Нікіціна дзейнічала ў Рудзенскам, Чэрвеньскім, Дзяржынскім, Уздзенскім, Бягомльскім раёнах Мінскай, Івянецкім і Валожынскім — Баранавіцкай і Ушацкім раёне Віцебскай абласцей. У верасні 1942 г. у яе складзе налічвалася 410 партызан.

Баявыя аперацыі партызаны-нікіцінцы праводзілі на чыгунцы Койданава - Мінск і на шасейных дарогах. Яны падарвалі 3 эшалоны, 32 аўтамашыны, 12 мастоў, разграмілі 8 апорных пунктаў ворага, знішчаючы пры гэтым жывую сілу фашыстаў. Класічнай партызанскай аперацыяй стаў і знакаміты Александроўскі бой.

У жніўні 1942 года "нікіцінцы" здзейснілі рэйд у Налібоцкую пушчу, а потым у Віцебскую зону. Ішлі паступова, з баямі, разграмілі варожы гарнізон ва Ушачах.

Баявыя дзеянні партызанскай брыгады М.М. Нікіціна наносілі істотную шкоду варожым камунікацыям і гарнізонам, таму нямецкае камандаванне, уключаючы службу СД, вырашыла яе рукамі НКУС, НКДБ і "СМЕРШа". У кастрычніку 1942 года партызанскае фарміраванне Нікіціна атрымала радыёграму з загадам аб пераходзе лініі фронта.

Лінія фронта была пяройдзена партызанамі брыгады 10 кастрычніка 1942 года на ўчастку Калінінскага фронту.

3 снежня 1942 года партызанскі камбрыг М. М. Нікіцін быў арыштаваны за самавольны выхад з акупіраванай тэрыторыі і асуджаны "тройкай" на 15 гадоў.

Таленавіты камандзір Чырвонай Арміі і камандзір партызанскай брыгады не дачакаўся сваёй рэабілітацыі. Ён памёр 5 чэрвеня 1957 года ў Магадане, не дажыўшы да свайго пяцідзесяцігоддзя больш шасці з паловай месяцаў.


Падрабязна пра М.М. Нікіціна чытайце тут: Героическая и трагическая судьба капитана Никитина.





Яндекс.Метрика