На главную
ББК 78.
ДЗ 43

Антон Семяновіч: чалавек творчага запалу



Вядомы беларускі крытык, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук Антон Аляксандравіч Семяновіч нарадзіўся 5 жніўня 1917 г. у вёсцы Шабунёўшчына Дзяржынскага раёна ў сялянскай сям’і.


0


Пасля заканчэння дзесяцігодкі ў 1938 г. паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага, вучоба ў якім была перапынена Вялікай Айчыннай вайной. У гады ваеннага ліхалецця Антон Аляксандравіч быў сувязным партызанскага атрада імя Фурманава брыгады № 200 імя Ракасоўскага, што дыслакавалася на тэрыторыі Койданаўскага раёна, і адначасова з'яўляўся кіраўніком падпольнай рэзервовай партызанскай групы.

За ўдзел у партызанскім руху Антон Аляксандравіч узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені.

Пасля вызвалення Мінскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў некаторы час працаваў на чыгунцы і працягваў вучобу ў педінстытуце. На працягу 1946-1949 гг. вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР. Само асяроддзе Інстытута станоўча ўплывала на развіццё літаратуразнаўчых навукова-даследчых здольнасцяў аспірантаў, на набыццё імі пэўных навыкаў, вопыту, умення аналізу мастацкага твора, характарыстыкі літаратурнага працэсу ў сувязі з рознымі аспектамі гістарычнага развіцця грамадства.


0

Антон Семяновіч з жонкай Валянцінай Іванаўнай і сястрой Лёляй. 1951 г.


Пасля заканчэння аспірантуры працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Адначасова (з 1949 па 1955 гг.) па сумяшчальніцтву працаваў выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры БДУ, выконваў абавязкі вучонага сакратара Інстытута літаратуры і мастацтва. У 1951 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Дарэвалюцыйная проза Якуба Коласа».


0

З беларускімі пісьменнікамі на радзіме Якуба Коласа. 1982 г.


У 1963 г. Семяновіч перайшоў на выкладчыцкую работу ў Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага, спачатку дацэнт кафедры рускай і замежнай літаратуры, з 1971 г. – загадчык кафедры беларускай літаратуры, з 1992 года — прафесар-кансультант гэтай кафедры.


0

Сустрэча Міхася Лынькова з вучнямі. Злева ад пісьменніка – Антон Семяновіч. 1958 г.


Антон Аляксандравіч чытаў студэнтам лекцыі па гісторыі беларускай літаратуры, вёў практычныя заняткі, праводзіў семінары, кіраваў падрыхтоўкай аспірантаў, быў для многіх навуковым кіраўніком, з якіх 12 чалавек абаранілі кандыдацкія дысертацыі. Многа сіл і энергіі аддаваў Семяновіч на пасадзе кіраўніка секцыі беларускай літаратуры пры Навукова-метадычным савеце Міністэрства адукацыі.

А. А. Семяновіч асабліва захапляўся старабеларускай літаратурай. Яго кумірамі былі Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі, Сымон Будны.

З літаратуразнаўчымі артыкуламі пачаў выступаць з 1949 года. Пераважная большасць работ і даследаванняў прысвечана гісторыі беларускай літаратуры ў дакастрычніцкі і савецкі перыяды. Літаратуразнаўца даследаваў праблемы і літаратурныя працэсы ў прозе і драматургіі. Асноўныя работы манаграфічнага характару — «Проза Якуба Коласа» (дакастрычніцкі перыяд)", «Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд)», «Беларуская савецкая драматургія (1917-1932)», «Ад вытокаў да сталасці: Беларуская драматургія (1917-1945)».

Ён – аўтар брашур «Кандрат Крапіва», «Змітрок Бядуля».


0

Пасля сустрэчы з Кандратам Крапівой у адной са сталічных школ. 1962 г.


Антон Семяновіч стварыў сабе сапраўды прыжыццёвы помнік – трохтомнае выданне падручніка «Гісторыя беларускай літаратуры» для студэнтаў філфака вышэйшых навучальных устаноў.

Антон Аляксандравіч - адзін з аўтараў падручнікаў па беларускай літаратуры для вучняў і вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў-філолагаў: «Гісторыя беларускай драматургіі. XIX—пачатак XX ст.», «Гісторыя беларускай савецкай драматургіі. 1917-1955».

Ён удзельнічаў у напісанні «Нарысаў па гісторыі беларускай літаратуры», а таксамам «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1, т. 2), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» т. 2, «Методыкі выкладання беларускай літаратуры» і інш.


0

Падарожжа па Югаславіі разам з Максімам Танкам, Янкам Брылём і Алесем Адамовічам. 1956 г.


Яму належыць першая манаграфія пра Максіма Гарэцкага. Ён сказаў першае слова пра Міхася Чарота, Васіля Гарбацэвіча, Уладзіслава Галубка.

Семяновіч з'яўляецца аўтарам звыш 120 шматлікіх літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў па разнастайных праблемах літаратурнага працэсу, рэцэнзій на падручнікі, вучэбныя і метадычныя дапаможнікі, навуковыя даследаванні («Беларуская савецкая проза» Ю. Пшыркова, «Беларуская байка» Я. Казекі, «Беларуская савецкая драма» А. Сабалеўскага і інш.), на мастацкія творы («Світанне» Канстанцыі Буйло, «П'есы» Уладзіслава Галубка, «Рына-Марына» Івана Грамовіча і інш.). Некаторыя з літаратуразнаўчых артыкулаў, у прыватнасці пра творчасць Якуба Коласа, змешчаны ў зарубежнай прэсе на англійскай, французскай і нямецкай мовах.

За шматгадовую плённую навуковую і выкладчыцкую дзейнасць, актыўную грамадскую работу ўзнагароджаны многімі медалямі і Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

У 2000 годзе у выдавецтве “Беларускі кнігазбор” выйшлі мемуары Антона Аляксандравіча Семяновіча «З пражытага і перажытага». Гэты твор – яскравае сведчанне пра час, у якім давялося жыць і працаваць аўтару, жывы ўспамін пра вядомых дзеячоў беларускай культуры і літаратуры, з якімі звёў яго лёс на жыццёвым шляху.


0

Сустрэча чатырох пакаленняў. Антон Семяновіч, жонка Валянціна , унучка Наталля з праўнучкай Вікай, дачка Іна з мужам Уладзімірам Чарнаглазавым; стаяць праўнучка Марыя і муж унучкі Анатоль


Антон Аляксандравіч Семяновіч пайшоў з жыцця 25 жніўня 2000 года.



Падрыхтавала Жанна Фядура, метадыст 1-й катэгорыі

аддзела бібліятэчнага маркетынга ГУ “Дзяржынская РЦБС”



Яндекс.Метрика