Мілагучная, пявучая, матчына – так пяшчотна пішуць пра беларускую мову паэты і пісьменнікі.

Ці памятаеце Вы, калі ўпершыню яе пачулі? Родную мову чалавек чуе з маленства і яна застаецца ў яго душы назаўсёды незалежна ад колькасці вывучаных ім замежных моў!

“Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю.” – такі запавет пакінуў нам класік беларускай літаратуры Якуб Колас.

Кожны з нас мае магчымасць захаваць яе для нашчадкаў. Дзеля гэтага не трэба грошай або фізічнай сілы, дастаткова размаўляць і думаць на ёй кожную хвіліну свайго жыцця. А каб гэта лягчэй атрымлівалася – пачніце з чытання кніг на роднай мове!

Лебядзеўская Наталля, кіраўнік літаратурнага клуба «Выток»

Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

Антон Анісовіч

Смак роднай мовы

“Які ў тым грэх? – мяне пытаюць, –

На роднай мове што не размаўляюць?

Навошта прымушаць ці застаўляць?!..”

Што я магу ў адказ сказаць?

     Ды я і не спяшаюся з адказам,

     А ў вершы довады свае прыводжу разам:

     Не трэба прымушаць. Слова “прымус”

     На сваёй шкуры зведаў беларус.

Але, усё ж, хачу сцвярджаць:

Нас мова здольна аб’яднаць!

Яна б нас згуртаванымі зрабіла,

Каб нацыя на ёй загаварыла.

     Бо мова – гэта свет спрадвеку,

     Жыцця люстэрка чалавеку.

     Свой мае мова смак і пах, –

     Няхай жыве яна ў вяках!

Вераніка Герко

***

Прамень у начы і маё ты натхненне,

Мой водгук жыцця самы лепшы.

Ты лёс мой і думкі, маё летуценне,

Таму пра цябе мае вершы.

     Нашчадкам – гісторыя ты і падзеі.

     Нясу скрозь жыццё тваё слова.

     Як раптам стамлюся, ахутай надзеяй

     Мяне, мая родная мова!

Ядвіга Доўнар

Пявучы дар маёй зямлі

У невычэрпнай глыбіні,

У маляўнічай форме слова

Я вынаходжу дзень пры дні

І адкрываю смак нанова!

     Пявучы дар сваёй зямлі

     Ад каранёў да паднябесся

     Самаахвярна збераглі

     Майстры з Ушачаў да Палесся.

Хай разліваецца наўсцяж

І з новай сілаю віруе,

І лодкай нашага жыцця

Хай Мова родная кіруе!!!

Людміла Круглік

З глыбінь векавых

З глыбінь векавых наша родная мова

Гучыць шэптам лесу, рачулак, крыніц.

І з ёй ажывае скарынава слова,

Што мудрасцю вабіць нас з кніжных паліц.

     Яго палюбіла яшчэ я з калыскі,

     Дзе маці паіла мяне малаком.

     Як родны куток, што сардэчнасцю блізкі,

     Тут думкі, надзеі, каханне, спакой.

Люблю я зямлю сваю, родную маці

За веды, каханне, напрамак жыцця.

За тое, што цёпла і ўтульна мне ў хаце,

За шчасце і долю, і думак прасцяг.

     Як золата жыта, скарынава слова

     Для нас – беларусаў, Айчыны маёй.

     І веру: нашчадак адкрые шлях новы

     Па прашчураў сцежках да мовы сваёй!

Таццяна Мойса

Развагі пра родную мову

Кросны чалавечага жыцця... З радасцю ткуць яны цікавыя думкі, захапленні і справы. У кожнага сваё прызначэнне на Зямлі, свая дарога і свой лёс. Змяняюцца пакаленні, нараджаюцца новыя таленты. І ўсё гэта мае па-сапраўднаму глыбокі сэнс толькі таму, што падмацоўвае нашы эмоцыі і пачуцці, бяссконцыя духоўныя пошукі трывалы падмурак – родная мова. Для нас яна – беларуская, матчына, чароўная, мілагучная, пяшчотная, ласкавая, мяккая, звонкая, палатняная...

Дзякуючы ёй можам пазнаёміцца з народнымі песнямі, казкамі, звычаямі. Дзякуючы ёй ведаем гісторыю беларускага краю з легендаў і паданняў, навуковых кніг. Дзякуючы ёй сёння можам зразумець досціп народа, мудрыя ўрокі нашчадкам, закладзеныя ў прыказках і прымаўках. Нездарма мову не спыняюцца ўслаўляць у высокамастацкіх творах пісьменнікі і паэты, у ёй чэрпаюць натхненне мастакі і музыкі, прысвячаюць сур’еёзныя працы вучоныя.

Родная мова – моцная повязь з каранямі радаводнага дрэва. Родная мова – выток багацця душы. Родна мова – увасабленне будзённага і ўзнёслага, звычайнага і пафаснага, прыватнага і грамадскага.

І як жа бывае хочацца расказаць ці нават напісаць пра сціплую валошку, руплівую сям’ю буслоў, прыгожы кляновы лісток, смачныяы стравы з бульбы!.. І ўяўляеш міжволі блакіт азёраў, таямнічасць лясоў і палёў. І не можаш не заўважыць маленькую кропельку расы, узоры на сняжынцы.

Родная мова! Надзвычай каштоўная, бо ў ёй – і бацькоўскі скарб, і матчына песня, і словы шчырай удзячнасці, і наша спадчына...

Нібы верацяно, тчэ родная мова цудоўнае палатно ў шчаслівую будучыню.


Рэгіна Рэўтовіч

Верш-вянок з родных слоў

Час няўпынна гартае

Кнігу дзён над зямлёй,

Забыццём замятае

Спеўнасць мовы маёй.

    Адракаецца мовы

    Беларускі народ,

    Меладычныя словы

    Сірацеюць штогод.

А як гожа і спеўна

Словам трапным паэт

З пазалоты асенняй

Намалюе сюжэт!

     І дажджы, і завею,

     Весні спеў жаўрука,

     Як усход ружавее –

     Занатуе рука.

За радочкам – радочак,

За слупочкам – слупок,

І – раднюткі куточак,

Праз гады, незнарок,

     Сустракае гасцінна.

     Кожны згадвае свой:

     Там – бабуля, хаціна,

      Успамінаў сувой…

Як з валошак у жыце –

Верш-вянок з родных слоў,

Ці ж не Пані, скажыце,

Мова наша між моў?!

Эла Скараход

Родная мова

У роднай мове – сонейка струмені!

У роднай мовы – бессмяротны век!

Калі хаваеш мову ў кішэні, –

Сваю губляеш існасць чалавек!

     З маленства ўсім нам трэба навучыцца

     І з годнасцю пранесці ў сабе

     Любоў да першароднае крыніцы,

     Дзе мова матчына ўвесь час жыве,

Каб голас кожнага гучаў на роднай мове

Пра наш прыгожы беларускі край,

Каб памяць засталася ў добрым слове,

Пра тых, хто мову ратаваў ад зграй.

     Нам мова – дар нябёс! Мы ўдзячны лёсу,

     Што так яна цудоўна дадае

     Магчымасць выказаць пачуцці ўзнёсла!

     Хай мова ў сэрцы кожнага жыве!

Аксана Хацкевіч

Наша мова

Кажуць, мова наша брыдкая,

Б'е па вуху, рэжа слых,

А яна ляночкам выткана,

I таму мілей за ўсіх.

     А яна ў валошках вырасла,

     У рамонкавых лугах.

     Колькі вытрымала, вынесла

     На мазолістых нагах.

А яна з бусловым клёкатам

Падымалася зрання,

А яна – з сялянскім побытам

Ды з аглоблею каня.

     А яна – з расой духмянаю,

     3 белым месяцам угары,

     А яна з самім Купалам

      Магла смела гаварыць.

Не расшыта аксамітамі,

А пранізана быллём,

Саматканым мова вышыта

Непадробленым жыццём.

     Кажуць, мова наша брыдкая,

     Б'е па вуху, рэжа слых.

     Беларускай светлай ніткаю

     Мова сплецена для ўсіх.

Аліна Шакаль

Размаўляй са мной па-беларуску

Размаўляй са мной па-беларуску

Праз гады, калі ідзеш дарогай вузкай

     Ці то ўзімку, ці ў спякоту ўлетку,

     Як тады, калі яшчэ падлеткам

Зразумела, што чаруюць кветкі,

Што і птушкам нават жыць у клетках

     Нездарма прызначана іх лёсам,

     І што гэта выгадна нябёсам.

Я цябе прашу, сарваўшы з вуснаў:

“Размаўляй са мной па-беларуску!”

     Нават страціўшы сяброўства тое,

     Захаваем значнае былое,

Што не згубім праз гады, абавязкова –

Гэта мова, гэта наша мова!

Алена Янкоўская

Пакуль жывая мова...

Народ жыве, пакуль жывая мова,

Пакуль на ёй выхоўваюць дзяцей.

Яна – нацыянальнасці аснова,

Заўжды вітаем ёю мы гасцей.

     Народ свабодны, калі размаўляе

     На мове Богам дадзенай зямлі.

     Датуль яму нішто не пагражае,

     Пакуль свае шануе карані.

Народ шчаслівы, калі паважае

Набыткі продкаў, дасягненні іх.

Датуль яго багацце не знікае,

Пакуль трымаецца крыніц сваіх.

     Народ жыве, пакуль жывая мова,

     Пакуль яна на вуснах у людзей.

     Яна – нацыянальнасці аснова

     І самая галоўная з ідэй!

Анонсы

Август
Заседание молодежного клуба «ИГРАtime»
Начало в 10:00

Август
Рассказ «Два товарища»: творческие занятия в хобби-студии «Театрландия»
Начало в 11:00

Август
Заседание молодежного клуба «ИГРАtime»
Начало в 10:00