Ала Пятроўна Дзікая нарадзілася 22 сакавіка 1941 года ў вёсцы Боўтуп Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. З 1979 года пражывала ў вёсцы Узрэчча Дзяржынскага раёна.
Яе бацькі ведалі шмат народных песень, казак, паданняў; можа таму і Ала з сёстрамі захапілася паэзіяй і мастацтвам.
У дваццацігадовым узросце яна паехала ў Расію, дзе працавала на тэкстыльнай фабрыцы ў горадзе Каўрове і вучылася ў школе рабочай моладзі. Вышэйшую адукацыю атрымала ва Уладзімірскім дзяржаўным педінстытуце імя Лебядзева-Палянскага (філалагічны факультэт).
Пасля вяртання ў 1969 годзе ў Беларусь настаўнічала ў Мядзельскім, Уздзенскім, Бярэзінскім раёнах Міншчыны выкладчыцай рускай і беларускай мовы і літаратуры, прымала актыўны ўдзел у прафсаюзным руху ўстаноў адукацыі. Нават на заслужаным адпачынку яна не ведала спакою і прымала актыўны ўдзел у творчым жыцці літаратурных клубаў Дзяржынскага раёна і Мінскай вобласці, а таксама раённай арганізацыі ветэранаў, дзе неаднаразова з'яўлялася дыпламантам конкурсаў.
Пісала на беларускай і рускай мовах у розных жанрах. Назіральнасць, пачуццё гумару, аптымістычны погляд на жыццё – вось асноўныя рысы светаўспрымання аўтара. І гэта цудоўна адлюстроўвалася ў яе паэзіі, а падчас дапамагала ёй і яе чытачам пераадольваць жыццёвыя цяжкасці і выпрабаванні лёсу.
Пайшла з жыцця 9 чэрвеня 2020 г.
Жыццёвае крэда: "Жыву, спадзяюся…"