Кашчэва Тамара Іванаўна нарадзілася 27 красавіка 1952 года ў вёсцы Выгалавічы Мядзельскага раёна. З 1980 года жыве ў горадзе Фаніпаль.
Як бацька і маці, так і шматлікія сваякі бацькоў былі вельмі музыкальнымі людзьмі. І калі збіраліся разам, заўсёды гучала музыка і спевы бацькоў на два галасы.
З ранніх гадоў музыка ўвогуле, і беларуская народная песня ў прыватгасці, прыцягвалі Тамару. Не меўшы магчымасці вучыцца ў музычнай школе, яна была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці у сярэднеадукацыйнай школе і ўжо ў шостым класе на слых падбірала на гармоніку любімые песні. З таго часу музыка стала сэнсам яе жыцця.
Пад час вучобы ў старэйшых класах за два гады асвоіла чатырохгадовы курс адукацыі ў Мядзельскай музычнай школе па класу баяна і паступіла ў Маладзечненскае музычнае вучылішча на дырыжорска-харавое аддзяленне. Пасля заканчэння працавала выкладчыкам сальфеджыа ў Мядзельскай музычнай школе і была ўдзельніцай вакальна-інструментальнага ансамбля «Раніца», які выступаў у розных кутках Мядзельскага раёна. У 1990 годзе скончыла музычна-педагагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М.Горкага. У розныя годы працавала ў сістэме культуры і адукацыі.
З 1980 года жыве ў горадзе Фаніпаль. З таго ж часу на працягу больш 30-ці гадоў працавала музычным кіраўніком у ДУА «Яслі-сад №3 г.Фаніпаль». Выхаванцы Тамары яскрава праяўлялі сябе на раённых і обласных мерапрыемствах, дзе неаднаразова станавіліся дыпламантамі. Зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
Увесь час Тамара актыўна павышала свой творчы ўзровень праз курсавую падрыхтоўку, садзейнічала з установамі культуры і адукацыі Фаніпаля і Дзяржынска, прымала ўдзел у аглядах мастацкай самадзейнасці: у ролі салісткі, у складзе вакальнай групы, у дуэце са сваёй сястрой Людмілай Лабанавай, выконвая песні на гарадскіх, раённых і абласных канцэртных пляцоўках. Разам з вакальным ансамблем «Мядуніца», створаным пры Фаніпальскім ГДК, народным хорам «Родніца» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і калектывам клуба паэзіі і аўтарскай песні «Натхненне» Тамара пакарыла сэрцы як жыхароў Беларусі, так і краін бліжняга замежжа.
У 2013 годзе прымала ўдзел у другім сезоне музычнага праекта тэлеканала СТВ «Поющие города» у складзе вакальнага квартэта (Анастасія Пятроўская, Анастасія Макарэня, Тамара Кашчэва і Ярына Ляцко) з аўтарскай песняй Ніны Багданавай “Сильный мужчина”, дзе па выніках галасавання прафесійнага журы ансамбль выйшаў у фінал.
Свае песні пачала пісаць з 1993 года, з якімі яна як аўтар-выканаўца неаднаразова выступала ў праграме рэспубліканскага радыё “Спявай, душа народная!”.
З’яўляецца аўтарам тэкста і музыкі гімна Фаніпаля.
У 2012 годзе была прынята ў грамадскае аб’яднанне “Беларускі Саюз музычных дзеячаў”. З’яўляецца Ганаровым грамадзянінам Фаніпаля.
Жыццёвае крэда: “Няма мяжы дасканаласці, але да яе трэба імкнуцца ўсё жыццё, каб у кожным сэрцы адклікнуцца дзівоснай музыкай маёй душы.”