Савянок Таццяна Васільеўна нарадзілася ў Гомелі 2 мая 1974 года. Пражывае ў Фаніпалі.
Усё сваё дзяцінства праводзіла ў вёсцы Шчарбіны Брагінскага раёну. Прыгожыя мясціны заўсёды здзіўлялі і манілі сваёй непаўторнасцю, што не магло не паўсплываць на прафесійны выбар. Пасля заканчэння Гомельскага філіяла Мінскага мастацкага вучылішча, а потым Мінскага інстытута культуры пайшла працаваць ў гімназію Гомеля настаўнікам малявання.
У 2001 годзе выйшла замуж і змяніла месца жыхарства, пераехаўшы ў Фаніпаль. Там па сённяшні дзень працуе педагогам дадатковай адукацыі ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.
За гэты час праявіла сябе як мэтанакіраваная і творчая асоба. Актыўна выкарыстоўвае розныя метады для забеспячэння асабістага росту і развіцця творчых навыкаў выхаванцаў.
Таццяна любіць спяваць, доўгі час яна з’яўлялася ўдзельнікам вакальнага ансамблю “Мядовіца” Фаніпальскага дома культуры.
Заняткі дэкаратыўна-прыкладной творчасцю і маляваннем з’яўляюцца асноўным відам дзейнасці, але паэзія таксама займае значную частку ў жыцці аўтара. Усё пачалося нечакана, з таго часу, калі нарадзілася дачка Варвара. Душу перапаўнялі пяшчота і ласка, шчырасць і прыгажосць. Неўзабаве захацелася адлюстраваць свае пачуцці ў вершах. Так паступова з’явіліся радкі пра каханне, прыгажосць роднага краю, прыроду, жыццё і творчасць, без якой не праходзіць ні воднага дня.
З 2015г Таццяна з’яўляецца членам літаратурнага аб’яднання “Выток”.
Жыццёвае крэда: “Жыццё працягваецца і яшчэ не раз будзе здіўляць нас сваімі сюрпрызамі, трэба толькі мець жаданне і добры настрой!”