Літаратурна-краязнаўчы праект, прысвечаны 880-годдзю Дзяржынска
Кожны беларус, грамадзянін і патрыёт, захоўвае ў сэрцы і думках той куточак, дзе ён нарадзіўся, ганарыцца малой радзімай і яе жыхарамі. Каб адчуць гэты гонар, маладое пакаленне Дзяржыншчыны павінна вывучаць і ведаць культурную, гістарычную і літаратурную спадчыну сваёй малой радзімы. Такім чынам адбываецца далучэнне да традыцыйнай культуры продкаў, пашыраюцца і абагачаюцца веды пра родныя мясціны, герояў-землякоў, знакамітых людзей і гісторыі роднага краю.
Галоўная адметнасць праекта – магчымасць асабістага знаёмства моладзі з сучаснымі мясцовымі літаратарамі, удзельнікамі народнага калектыву паэтаў і празаікаў «Выток». Такія сустрэчы даюць падрастаючаму пакаленню магчымасць атрымаць вялікі пазнавальна-эмацыянальны зарад, дапамагаюць асэнсаваць творчасць аўтара і з’яўляюцца дадатковай непаўторнай крыніцай ведаў па гісторыі малой радзімы і Беларусі.
Рэалізацыя праекта будзе спрыяць культурнаму, духоўна-маральнаму развіццю моладзі Дзяржыншчыны, выхаванню ў яе любові і пачуцця гонару за сваю малую радзіму і Беларусь.
Мэта праекта: далучэнне падрастаючага пакалення да літаратурнай спадчыны Дзяржыншчыны, папулярызацыя творчасці пісьменнікаў-землякоў сярод падлеткаў і моладзі, захаванне мясцовай культурнай спадчыны і гісторыі Дзяржыншчыны праз прызму творчасці мясцовых літаратараў.
Задачы праекта:
- раскрыць багацце і разнастайнасць літаратурнай краязнаўчай спадчыны;
- далучыць падлеткаў і моладзь да асветніцкіх мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне чытацкай кампетэнтнасці і папулярызацыю чытання;
- развіць цікавасць падрастаючага пакалення да чытання краязнаўчай літаратуры і творчасці мясцовых аўтараў.